Сяргей Жук
Намеснік генеральнага дырэктара па прававых пытаннях ЗТАА «ЭПАМ Сістэмз». Пачаў сваю кар'еру ў кампаніі ў 2004 г.
— Распавядзіце, як Вы пачалі свой шлях юрыста і, вядома ж, як трапілі ў EPAM і зрабілі там сваю кар'еру?
— Працаваць у якасцi юрыста ў бізнес-сектары і затрымацца там амаль на два дзесяцігоддзі я дакладна не планаваў. Як і вельмі многія аднакурснікі, я быў у захапленні ад курса крымінальнага права і некаторы час меў намер ісці па судова-пракурорска-следчай спецыялізацыі або па адвакацкай (якую і скончыў). Але, як гэта таксама з многімі з нас адбывалася, бліжэй да пераддыпломнай практыкi ў канцы 2003 года меркаваннi змяніліся і выбар быў зроблены на карысць працы ў прыватным бізнесе.
Калі ў кастрычніку 2004 года я прыйшоў на працу ў EPAM, мне здавалася, што ў мяне сур'ёзны спіс дасягненняў, але цяпер відавочна, што амаль уся кар'ера непарыўна звязана з EPAM Systems.
— А як выглядае Ваша каманда цяпер?
— Прыйшоўшы ў кампанію, я быў адзіным юрыстам, а хутка ў камандзе будзе больш за 20 чалавек. Некаторых з тых напрамкаў, з якімі мы працуем сёння, у 2004 годзе проста не існавала. За гэты час у маёй камандзе створаны агульнаправавы аддзел (кіруе Алеся Пухава), аддзел аналітычнай работы (кіраўнік Вольга Трэгубава), група падтрымкі бізнесу, ёсць кірунак юрыдычнай падтрымкі па пытаннях персанальных дадзеных і іншыя. З кожным годам каманда становіцца мацнейшай і мацнейшай. З тым багажом ведаў, якія былі ў мяне ў 2004-м, сумоўе ў юрыдычную каманду кампаніі сёння я, напэўна, не прайшоў бы (усміхаецца).
Караліна Цімашэнка, Фiдан Балдоўская, Алеся Кляўко, Наталля Абрамовіч, Паліна Мірончык — усе гэтыя (і іншыя) юрысты ў шмат разоў мацнейшыя за мяне, які прыйшоў у EPAM у 2004 годзе. Праца разам з такімі прафесіяналамі вельмі натхняе, і я вельмі ўдзячны калегам за іх унёсак.
— Хто яшчэ з калегаў для Вас аўтарытэт ці прыклад, на які Вы арыентуецеся?
— Складана назваць кагосьці, не пакрыўдзiўшы дзесяткі іншых класных юрыстаў.
Акрамя ўдзельнікаў маёй каманды, якія па зразумелых прычынах для мяне лепш за ўсіх у свеце, у Беларусі я б адзначыў такіх юрыстаў, як Ілля Матронiн і Ганна Казлова, юрфірмы «Уласава, Міхель і партнёры», «Верхаводка і партнёры». У Расіі вылучаецца TMT-практыка юрфірмы «Егоров, Пугинский, Афанасьев и партнеры» пад кіраўніцтвам Паўла Садоўскага, Вячаслаў Касакоў і Аляксандр Каткоў з Novator, Ілля Сарокін з BGP Litigation. Ва Украіне — Аксана Бульба, Сяргей і Змiцер Аўчарэнка, якія працавалі ці працуюць на Luxoft. Андрэй Бужор з Global Logic, Змiцер Гадомскi з Axon.
— Што аб'ядноўвае гэтых людзей?
— Высокая хуткасць, творчы падыход і здольнасць падтрымліваць кліента на доўгіх дыстанцыях, прапаноўваючы не толькі тактычныя рашэнні, але і стратэгічныя. Якасць, зразумела, само сабою.
— Вы згадалi замежных юрыстаў. Чым яны адрозніваюцца ад беларускіх?
— У выніку шматгадовай сумеснай працы з замежнымі юрыстамі ў мяне склалася перакананне, што беларускія юрысты працуюць на высокім сусветным узроўні, нават гуляючы на «чужым полі», практыкуючы ў сферы замежнага заканадаўства. Не сакрэт, што ў маскоўскіх офісах некаторых міжнародных юрфірм працуе шмат юрыстаў, якія скончылі беларускія ВНУ. Андрэй Ёрш з'яўляецца партнёрам «Бэйкер Макензі» ў Алматы, і такіх прыкладаў вельмі шмат.
Магу ўзяць на сябе смеласць параіць калегам быць больш рашучымi і не саромецца ў сваёй працы аналізаваць замежнае права. Бізнес вельмі шануе, калі юрыдычнае меркаванне можа быць прадастаўлена адразу па ўсіх краінах вядзення дзейнасці — і ў абмен на хуткасць i невысокi кошт нават зрэдку гатовы дараваць невысокую якасць на пэўны час.
— Як Вы абіраеце работнікаў у свой аддзел? На што звяртаеце ўвагу? Што не прымаеце ў адносінах з калегамі?
— Акрамя праверкі тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў, традыцыйна ацэньваецца трыяда якасцяў smart-hungry-humble, што творча можна перакласцi як інтэлектуальны ўзровень, энергічнасць і камунікатыўныя навыкі. Хоць заўсёды хочацца запрасіць у каманду гатовага спецыяліста, мы часам кіруемся выказваннем hire character, train skills — калі ўпэўненыя, што кандыдат гатовы інвеставаць час у сваё навучанне і развіццё. Але першаснай якасцю, напэўна, з’яўляецца надзейнасць. Шкада, што яе складана праверыць на сумоўi.
На фото: Алеся Клевко, Сергей Жук, Ольга Трегубова, Каролина Тимошенко
— Чаго не хапае беларускім выпускнікам юрыдычных факультэтаў?
— Тэарэтычная база, прынамсі, юрфака БДУ, на мой погляд, вельмі добрая — выдатна дапамагае ў працы. З кожным годам мацнее ўпэўненасць, што непатрэбных дысцыплін не было і ў большасці сваёй атрыманыя веды знаходзяць прымяненне ў працы. А вось ўзмацніць практычны складнік дакладна было б карысна.
— Парайце калегам курсы або навучанне, якія Вы праходзілі. І чым яны Вам спадабаліся ці як спатрэбіліся?
— Калегам-пачаткоўцам рэкамендую засвоіць асновы тайм-менеджменту, праект-менеджменту, а таксама асновы кіравання канфліктамі. Неверагодна, як шмат часу і сіл яны дапамагаюць зэканоміць.
— Вам даводзіцца шмат працаваць з замежным заканадаўствам. Што цікавага можаце ўспомніць і права якой краіны ці нейкія нормы Вас здзівілі, запомніліся?
— Напэўна, любога ўсходнееўрапейскага юрыста спачатку здзівіць, што амерыканскім і заходнееўрапейскім контрагентам не толькі не патрэбны акт прыёмкі аказаных паслуг, але часцяком нават і арыгінал дамовы. Паўсюднае ўжыванне простага электроннага подпісу (таго ж docusign) — гэта відавочна вопыт, да якога варта пільна прыгледзецца.
Што тычыцца Беларусі, Расіі, Украіны, то цiкава назіраць, як адрозніваецца правапрымяненне ў пытанні прыцягнення арганізацыяй персаналу ў якасці падрадчыкаў, а не работнікаў. Пры практычна аднолькавых нормах заканадаўства, крытэрыях размежавання падрадчыкаў і работнікаў прымяненне адной і той жа бізнес-мадэлі можа быць паспяховым і прымальным ва Украіне, а ў Беларусі не заўсёды.
— Як Вы думаеце, для ІТ-сферы дыстанцыйная праца — гэта добра? Вам падабаецца працаваць дыстанцыйна? Як Вы арганізуеце сябе дома, каб хатнія справы не адцягвалі Вашу ўвагу?
— EPAM — глабальная кампанія з офісамі па ўсім свеце. Дыстанцыйнае ўзаемадзеянне каманды стала звыклым шмат гадоў таму, таму надзвычайных змен у працы ў мінулым годзе не адбылося, хоць, вядома, асабістых сустрэч шмат каму з нас не хапае. Некаторыя юрысты адзначаюць павелічэнне ўласнай прадуктыўнасці пры дыстанцыйнай працы — аказваецца, у некаторых з нас дома менш фактараў, якія перашкаджаюць, чым у офісе.
— Як Вы апішаце сябе як кіраўніка?
— Жартам я часам кажу, што бачу сваёй задачай знайсці класных спецыялістаў, а затым зрабіць так, каб нішто не перашкаджала іх працы і прафесійнаму росту, стварыць для гэтага неабходныя ўмовы і атмасферу і ... адысці ў бок. Вядома, дэлегаванне і кантроль ніхто не адмяняў. Але таксама важна думаць пра тое, як будзем працаваць не заўтра, а ўмоўна паслязаўтра — скажам, праз 2–3 гады. Тут важна ўлічваць спецыфіку EPAM: кожны год-два, а ў апошні час і часцей адбываецца або геаграфічнае пашырэнне, або з'яўляецца новы напрамак бізнесу, або новы напрамак юрыдычнай працы (напрыклад, 17 год таму судоў з даўжнікамі не было). Штат каманды расце не так хутка, таму я і ўдзельнікі каманды, з аднаго боку, маем магчымасць засвойваць новыя звычкі, а з другога — знаходзімся ў пастаянных роздумах, як працаваць больш эфектыўна, наладзіць працэсы, каб вызваліць час для будучых прафесійных выклікаў.
— Што любіце і не любіце ў сваёй працы? І чым любіце займацца самі, а што з задавальненнем гатовы ці хацелі б дэлегаваць сваім падначаленым?
— EPAM — дзiвосная кампанія, у якой працуюць найразумнейшыя, таленавітыя і, як правіла, вельмі тактоўныя спецыялісты. Калегі распрацоўваюць такія рашэнні і прадукты, ад якіх захоплівае дух. Вядома, як і ўсюды, ёсць свае вяршкі і свае карэньчыкі, але вяршкоў дакладна больш. За 17 гадоў працы быў час у гэтым пераканацца. Таму амаль усiм цiкава займацца — iншая справа, што часу не хапае i прыходзiцца дэлегаваць усё, што можа быць добра зроблена без мяне.
Пры гэтым мне заўсёды падабаліся судовыя разбiральнiцтвы, і часам трохі шкадую, калі прыходзіцца ўжо адыходзіць у бок, абмяжоўваючыся агульнай каардынацыяй працы без непасрэднага ўдзелу і выступаў у пасяджэнні.
— Што Вас больш стымулюе: крытыка або заслужаная пахвала?
— Лiчу правiльным па магчымасцi не крытыкаваць (нават канструктыўна), а фармуляваць напрамкі для развіцця. Зразумела, з прызнаннем заслуг, калі праца выконвалася добрасумленна. Адзначыць унёсак супрацоўніка і прапанаваць дапамогу ў развіцці — больш затратны, але і каштоўны спосаб матывацыі. Хацеў бы, каб і ў адносінах да мяне быў такі падыход.
— А колькі моў Вы ведаеце? І як іх вучыце?
— Беларуская, руская, англійская. Чытаю і рэгулярна гляджу анлайн-тэлебачанне па-ўкраінску. Апошнія гады падтрымка ўзроўню ажыццяўляецца дзякуючы рэгулярнаму выкарыстанню ў вуснай і пісьмовай размове.
— Ці хацелі б паспрабаваць папрацаваць у якім-небудзь ІТ-стартапе?
— Я і так там працую: кампанія пастаянна запускае свае прадукты і новыя напрамкі, таму, як і казаў раней, недахопу ў навізне юрысты EPAM дакладна не адчуваюць. Тэматыка LegalTech, напэўна, мала каго з калегаў можа пакінуць абыякавым. Пры тым, што новых прадуктаў, якія сапраўды дапамагаюць у працы, на рынку амаль не знаходзім, таму i даводзiцца прыдумляць і рэалізоўваць пэўныя рашэннi ўнутры, каб эканоміць час юрыстам i iншым камандам.
— Ці можа праграма выканаць частку задач юрыстаў? Цi карыстаецеся Вы падобнымi рашэннямi? Можа, ёсць мара пра якую-небудзь праграму, якая магла б аўтаматызаваць нейкую з Вашых задач?
— Даведачна-прававыя сістэмы ўжо закрываюць немалую частку задач юрыстаў, якія яны выконвалі, напрыклад, у 90-я гады. Таксама шмат часу юрыстам розных краін эканоміць магчымасць дыстанцыйнага ўдзелу ў судовых пасяджэннях і праходжання адміністратыўных працэдур. Рашэнняў, якія могуць істотна эканоміць час на іншых участках непасрэдна юрыдычнай працы, мы пакуль на рынку не бачым, хоць прапаноў, вядома, вельмі шмат. Магчыма, наша каманда не з'яўляецца мэтавай аўдыторыяй. Ёсць думка, што прарыў можа быць забяспечаны з выкарыстаннем machine learning, але якім непасрэдна чынам — пакуль адкрытае пытанне.
— Калі б маглі падарожнічаць у часе, якую параду сабе маладому б далі?
— Смялей інвеставаць у сваё навучанне. Але гэтую параду дарэчы даць і сабе сённяшняму.
Гутарку вяла Надзея Грабоўская